Главная English version Карта сайта
Адрес райисполкома:
222932 г. Старые Дороги,
ул. Пролетарская, 38
e-mail: isp@staryedorogi.minsk-region.by
Телефон: 
 (8-01792) 55539
 
Официальный сайт
Официальный сайтОфициальный сайт Официальный сайт
<##lang_search>
Главная  >  Новости  >  Новости региона
Интернет-ресурсы
Новости региона
04.10.2017
Уладзімір ДРАЖЫН: «Жыву па бацькоўскіх прынцыпах»


Яго вельмі добра ведаюць на Міншчыне. Усё жыццё і працоўная дзейнасць Уладзіміра Дражына непарыўна звязаны з нашым краем. Нездарма ён удастоены звання «Ганаровы грамадзянін Міншчыны». Напярэдадні свайго 70-годдзя Уладзімір Несцеравіч даў інтэрв’ю «Мінскай праўдзе».

– Вы ж нарадзіліся на Старадарожчыне, у вёсцы з такой характэрнай назвай Дражна...
– Так, мне з гэтым пашчасціла. Тут надзвычай маляўнічыя краявіды: векавечны лес, які вабіць у любую пару года, п’янлівае паветра, грыбное і ягаднае багацце, рэчкі Пціч і Арэса, Сіняўка і Салянка, азёры Скачальскае, Будзеніцкае, Сінягоўскае...
Выхоўваўся я ў вялікай сям’і, дзе старэйшымі былі дзядуля Іван Андрэевіч і бабуля Марыя Якімаўна. Дзядуля ўдзельнічаў у Першай сусветнай вайне. Цяжка паранены вярнуўся з фронту і да канца свайго жыцця працаваў разам з бабуляю ў сельскай гаспадарцы. Бацька Несцер Іванавіч быў удзельнікам савецка-фінскіх баявых дзеянняў 1939–1940 гадоў, прайшоў выпрабаванні Другой сусветнай вайны. Маці Кацярына Сцяпанаўна гэтым часам адна выхоўвала дзвюх маленькіх дачок.

– У аўтабіяграфічнай кнізе «Жыццё… люблю… бязмерна…» вы, на мой погляд, выдатна напісалі: «З пражытых гадоў я вынес галоўнае: кожная сям’я, мая ў тым ліку, – гэта аснова краіны, як карані, што сілкуюць жыццёвую прастору. Кожны чалавек павінен ведаць пра гэта і імкнуцца для свайго цяперашняга і будучага ўзяць усё лепшае са свайго роду». А што каштоўнага даў ваш радавод?
– Людскасць, справядлівасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу людзям ў цяжкіх абставінах. Гэта – сэнс жыцця сям’і Дражыных, які перадаецца з пакалення ў пакаленне. Сёння, праз гады, магу сказаць, што прынцыпамі, прывітымі гэтым самым галоўным універсітэтам свайго жыцця, я кіруюся заўсёды. Яны дапамагалі пераадольваць шматлікія выпрабаванні. Цяпер мэта мая ў тым, каб дзеці Вадзім і Вольга, унукі Максім, Яна, Уладзімір, Марк Аляксандр і Даша заўсёды кіраваліся прынцыпамі Дражыных.

– Можна сказаць, што на жыццёвы алімп вы ўзняліся з пасляваеннай беларускай вёскі – гаротнай, беднай...
– Заўсёды стараўся працаваць сумленна. А стымулам быў прыклад людзей, з якімі мяне зводзіў лёс. Першыя жыццёвыя ўрокі атрымаў у сям’і. Потым – школа, армейская служба, праца ў калектывах Беларускага аўтамабільнага завода, Нясвіжскага раёна, Мінскага аблвыканкама, ва ўрадзе нашай краіны і адказная місія Пасла за мяжой, у Літве і Фінляндыі. Заўсёды вельмі адказна ставіўся да вынікаў сваёй працыі і асабліва да людзей, з якімі працаваў. Яны таксама мне адказвалі даверам. Гэта спрыяла поспеху, руху наперад. 

– Першы запіс у працоўнай кніжцы Уладзіміра Дражына – 1 верасня 1965 года: настаўнік фізікі і фізічнай культуры Прускай васьмігадовай школы Слуцкага раёна...
– Старадарожскі раён тады быў аб’яднаны са Слуцкім. Потым камсамольская і партыйная работа. 90-я гады я сустрэў на пасадзе першага сакратара Нясвіжскага райкама партыі, быў абраны народным дэпутатам Рэспублікі Беларусь... Чарговы раз атрымаў людскі давер, калі абралі старшынёй Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў і прызначылі старшынёй райвыканкама. На гэтай пасадзе працаваў восем гадоў.

– Было вельмі няпроста, а вы, апроч сацыяльна-эканамічных праблем, засяродзіліся на адраджэнні гісторыка-культурнай спадчыны старажытнага горада, што не надта характэрна па тым часе для раённага кіраўніка...
– Нясвіж усё ж быў адметны: у горадзе і раёне налічвалася 32 помнікі архітэктуры, большасць з якіх у заняпадзе… Першыя крокі зрабілі ў 80-я, узнавіўшы парк і азёры. Але галоўная праца – рэстаўрацыя замка князёў Радзівілаў – была наперадзе. Яна завяршылася ў 2012 годзе. Краіна атрымала сапраўдны сімвал беларускай дзяржаўнасці.

– Скуль у вас, сялянскага сына, вось гэтыя цікавасць і тонкае адчуванне мастацтва і культуры?
– Мае бацькі былі простымі людзьмі, але жылі па вышэйшых маральных пастулатах. Менавіта так ставіцца да навакольнага жыцця вучылі і нас, дзяцей. Гэта, я лічу, перадалося.

– Уладзімір Несцеравіч, ведаю, што захапляецеся гульнёй у гольф. Мо таму, што ён, як і дыпламатыя, патрабуе дакладнасці і разліку?
– У снежні 2014 года я ўзначаліў Беларускую асацыяцыю гольфа. Так што цяпер гэта не проста хобі, а і праца па развіццю гольфа як алімпійскага віду спорту ў нашай краіне. Сёе-тое зроблена: падрыхтавалі спартсменаў, створана інфраструктура ў некалькіх раёнах краіны. Прымаю ўдзел у шэрагу апякунскіх саветаў, правядзенні розных мерапрыемстваў.
Абавязкова раз на тыдзень хаджу ў музеі і тэатры, бо для мяне і сям’і такое баўленне часу – неад’емная частка жыцця.

– Цяжка неяк уявіць, што такая творчая і стваральная асоба, як вы, супакоіліся на гэтым...
– (Смяецца.) Ёсць задумкі і планы, ёсць. Яны звязаны з роднымі мясцінамі – вёскамі Дражна, Залужжа, раённым цэнтрам Старыя Дарогі. Але пакуль не хацеў бы апярэджваць падзеі.

– Мяркую, раскажаце надалей... Віншуем вас, Уладзімір Несцеравіч, з юбілеем!
– Дзякуй вялікі. Усім чытачам любімай газеты, маёй роднай Міншчыне зычу шчасця і росквіту!

Все новости рубрики
© Стародорожский районный исполнительный комитет, 2008
Разработка сайта БЕЛТА
Поддержка сайта УП «Минская волна»