Лясная гаспадарка ў Беларусі вядзецца па міжнародных стандартах

20.03.2020

https://blr.belta.by/economics/view/ljasnaja-gaspadarka-u-belarusi-vjadzetstsa-pa-mizhnarodnyh-standartah-86195-2020/

БЕЛТА

У Беларусі лясная гаспадарка вядзецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі міжнародных стандартаў. Аб гэтым паведаміў у прэс-цэнтры БЕЛТА першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Валянцін Шатраўка.

"У цэлым вядзенне лясной гаспадаркі ў Беларусі не адрозніваецца ад замежных краін. Практычна ўсе нашы лясы сертыфікаваны па міжнароднай сістэме FSC і еўрапейскай сістэме PEFC. Беларусь мае найбольшую долю сертыфікаваных лясоў адносна іх агульнай плошчы, такога на сённяшні дзень няма ні ў адной краіны", - адзначыў першы намеснік міністра.

Усяго ў Беларусі па FSC на 1 студзеня 2020 года сертыфікавана 87 лясгасаў, або 7,5 млн га ляснога фонду (88,5 працэнта ўсяго ляснога фонду Мінлясгаса). Па схеме PEFC сертыфікаваны сістэмы лесакіравання і лесакарыстання 95 падведамных лясгасаў на плошчы 8,1 млн га ляснога фонду (96 працэнтаў усяго ляснога фонду міністэрства). Гэта сертыфікацыя добраахвотная і вядзецца па ініцыятыве юрыдычных асоб, растлумачыў Валянцін Шатраўка.

"Міжнародная сертыфікацыя вызначае крытэрыі, якім лясгасы павінны адпавядаць. Сярод іх захаванне экалагічных патрабаванняў, захаванне біяразнастайнасці ў лясах, улік меркавання мясцовай супольнасці, ахова працы, уплыў працэсу нарыхтоўкі драўніны на навакольнае асяроддзе. Сертыфікат выдаецца на пяць гадоў, але штогод у лясгасах праводзіцца аўдыт для праверкі, наколькі гэтыя патрабаванні выконваюцца. Калі па нейкім лясгасе яны не адпавядаюць, то дзеянне сертыфіката прыпыняецца, а аднаўляецца толькі пасля ўстаранення заўваг аўдытараў", - расказаў першы намеснік міністра.